Общественно-политическая газета Минской области

Рубрики

Поиск

 

У лес па… кару
5.03.2010 Рубрика: Интересные люди
Читайте также:

karam.jpgХто па што ў лес ходзіць: грыбы, ягады, шышкі, мох, лекавыя расліны і, натуральна, дровы. Але яшчэ не даводзілася сустракаць чалавека, які ў лес па кару вы¬праўляецца. А Леанідзе Цыплянковай у наваколлі вёскі Краснае Маладзечан¬скага раёна вядома амаль кожная сасонка.

Родныя ўжо змірыліся з тым, што Леаніда Міхайлаўна філоніць — замест грыбоў ці ягад збірае ў кошык кару сасны. Пакрысе прызвычаіліся і да беспарадку дома, вядома, творчага. Зараз у жанчыны асобны рабочы кабінет з цэлай бочкай кары, рассартаванай па колеру і шчыльнасці. Яе трэба проста вымачыць у вадзе, а пасля пад гнёт, каб роўненькая была… І рабі карціны, абы жаданне мелася!

Пачатак у 50!

Дачка мастака, Леаніда Міхайлаўна скончыла Маскоўскі універсітэт мастацтваў імя Крупскай, аддзяленне станковага жывапісу факультэта прыкладнога мастацтва. Усё жыц¬цё малявала для ўласнага задавальнення, аднак змяніць абраную ў юнацтве прафесію санітарнага ўрача так і не адважылася. Усё жыццё прапрацавала ў Маладзечне, пайшла на пенсію.

Леаніда Міхайлаўна на ўласным прыкладзе даказала: у 50 жыццё толькі пачынаецца!
На “зарплату” пенсіянера асабліва не разгонішся, каб фарбаў патрэбных набыць, вось і вырашыла жанчына замяніць дарагія алейныя фарбы на бясплатную кару.

— Чаму менавіта сасны? — пытаюся ў Леаніды Міхайлаўны.

— Не ведаю. Проста гэтае дрэва мне сілы надае. Прыйду ў лес, абдыму сасну — і на душы лягчэй. Я і на Новы год не елку ў хаце стаўлю, а сасну.

karab.jpg
Леаніда Цыплянкова “чаруе” над чарговым шэдэўрам.

Вядома, што робяць карціны з бяросты, кары дуба, бо яны валодаюць спецыфічнымі ўласцівасцямі. Пра кару сасны ж нідзе ніхто не згадвае, не гаворыць. І ў гэтым ёсць свае складанасці, жанчыне даводзіцца ўсё рабіць так, як падкажуць сэрца і вопыт:

— Заўважыла, што кара ў залежнасці ад пары года мяняе колер. У вяснова-летні перыяд яна больш яркіх адценняў— ад саламяна-залацістага да аранжавага. У восеньска-зімовы — ад шэрага да цёмна- зялёнага. Колер залежыць і ад таго, дзе расце дрэва: у чыстым лесе ці густым, зарослым. Нагадвае аб сабе і ўзрост — кара старога дрэва больш бляклая. Відаць, і ў прыродзе ўсё як і ў людзей, — Леаніда Міхайлаўна смяецца. — Што яшчэ цікава: неяк у лесе натрапіла на спілаваную сасонку. Абрадавалася: зараз кары набяру цэлую торбу. Ажно не. Так проста яе не абдзерці. Кара сама абсыпаецца, калі час прыйдзе.

Задуме наперакор

Першую работу, абраз, зрабіла каля двух год таму назад. Яна і дасюль займае пачэснае месца ў шафе майстрыхі. Дарэчы, ікон сярод работ Леаніды Міхайлаўны шмат.

Іншыя сюжэты падказвае само жыццё. Калі мы з мастачкай прагульваліся па наваколлі Краснага, яна ўвесь час гаварыла пра прыгажосць небасхілу, зімовага лесу, прыцярушанай снегам дарогі…

— Як можна абмінуць, не заўважыць такую прыгажосць? Вось кране што-небудзь убачанае — прыйду дадому, зраблю замалёўкі, эскізы, а тады ўжо падбіраю неабходную па шчыльнасці і колеру кару, пачынаю працаваць.

— А калі трэба перадаць які-небудзь элемент пейзажа ці нацюрморта, але кара сасны не падыходзіць? Як ні старайся, а снег ці ваду з кары ж не зробіш.

— Тады на дапамогу прыходзяць фарбы ці іншы прыродны матэрыял —зёлкі, мох, тая ж бяроста. Увогуле для майго хобі неабходны ўсяго толькі клей ПВА, ДВП, нажніцы для паперы, пэндзлік і жаданне тварыць, — гаворыць Леаніда Міхайлаўна.

kara-2b.jpg
Адна з работ.

Бывае, што прырода наперакор задуме мастачкі дыктуе свае правілы. Ужо сама кара мае спецыфічны ўзор, тэкстуру, і, здараецца, атрымліваецца зусім іншая работа, непадобная на першапачаткова задуманы варыянт. Такія работы Леаніда Міхайлаўна называе “сюрпрызамі”. Часцей за ўсё гэта дрэвы ці птушачкі. Крыху дапрацаваць — і атрымаецца пейзаж.

На адну карціну патрэбна каля двух тыдняў і адпаведны настрой. Але ж няма ніякіх спецыяльных схем ці пэўнай тэхнікі работы з карой, таму проста немагчыма прадказаць, што ў выніку атрымаецца. Тым больш што такая тэхніка нідзе не апісваецца і не згадваецца. Так што супрацоўнікі Маладзечанскага раённага Дома рамёстваў упэўнены: Леаніда Міхайлаўна — унікальны на постсавецкай прасторы майстар!

Таццяна РУСАКОВІЧ.
Маладзечанскі раён.
Фота аўтара.

Написать комментарий

Популярное

Комментарии


Дизайн - VALENCI MASS

© Газета "Мінская праўда" (2008-2010)
Свидетельство о регистрации №1138, 29 января 2010 года.

  Rating All.BY