Нарачанскі”, “Балтыйскі”, “Водар”, “Радзівілаўскі”, “Траецкі”, “Шчодры”… Хлеба ў любой гарадской краме — да дзесяці найменняў. Іншы раз разгубішся і паўгадзіны выбіраеш, які купіць. Ды толькі смачнейшага за зайчыкаў хлеб каштаваць не выпадала. Хлеб-вандроўнік, які некалькі дзён запар паносіш у сумцы, крыху пакамечыцца, ды ад гэтага толькі больш духмяным стане. Лусту такога хлеба прывезла з вёскі Старыя Дарогі. І не проста зайчыкавага, а яшчэ і самапечанага…
— Вось толькі выцягла з печы, цёпленькі, свежанькі. Якая булка, яна ж не раўня магазіннай, на, паглядзі! — Алена Рыбакова ўжо зранку ўправілася з печчу і частавала мяне яшчэ цеплаватым хлебам. — Можа, сала адрэзаць?
Толькі крыху пакаштаваўшы, астатняе паклала ў торбу, а пасля пра тую лустачку забылася і некалькі дзён пранасіла ў сумцы. Яна не счарсцвела, не згубіла водар печы і смак пшаніцы…
У неўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі
Алену Сяргееўну ў вёсцы ведаюць перш за ўсё як баечніцу. Нягледзячы на свой узрост (жанчыне 74 гады), яна не перастае жартаваць, праўда, не без іроніі. Як хварэла і ляжала ў бальніцы, з суседніх палат усе збіраліся паслухаць яе асабісты выпуск “Смехапанарамы”:
— Я вам пра сына байку раскажу, — настроіўшыся на свой лад, жанчына пачала аповед. — Жыў стары з старою мірна, жыў і гора ён не знаў. Ды аднойчы, як на ліха, сын у госці завітаў: “Добры дзень, мой мілы тата, мама любая мая, ў вас няма здароўя, сілы, стану вам апорай я. І не буду ж я свіннёю, дайце толькі кут які. Пастаю за вас гарою, даражэнькія бацькі”. — “Што ты, ягадка, дзіцятка, рады ж мы табе заўжды, хоць маленькая ў нас хатка, ды не будзе ў нас бяды”. І зажыў сынок шчасліва: ўсё яму, ўсё для яго. Ён цяпер бацькам апора, ён кармілец іх, ого! Ды не доўга так вялося — ў хаце быў мір і спакой. Сын як толькі прапісаўся — тупнуў на старых нагой: “Цыц, цішэй, пенсіянеры, а не то дык з хаты вон, я прыму крутыя меры, мне не пісаны закон. Малады я, жонку маю, ў хаце трэба мне прастор. Вам я рогі пазбіваю, вымятайцеся на двор”, — Сяргееўна рассмяялася. — Праўда, справядлівая байка, сучасная?
— А адкуль вы іх бераце? — пытаюся, а сама не ведаю, ці то смяяцца, ці то сумаваць, бо байка сапраўды пра маладое меркантыльнае пакаленне.
— Якую ў газеце знайду, якую дзеўкі напішуць, а што і сама прыдумаю. Так жыць весялей!
Яшчэ з парога заўважыла, што ў Сяргееўны шмат вышыўкі.
— Раней кручком і пруткамі вязала, і вышывала, і ткала, і прала. А яно мне трэба было? Калі козачак трымала, пайду пасвіць — дык столькі за імі пруткоў ды іголак пагублю. Вось гэтыя, як сёння кажуць, хобі і падвялі. Зрок зусім сапсавала, слаба бачу. Але аперацыю зраблю і буду ізноў вышываць, не магу я сядзець цэлы дзень і ў акно пазіраць. — Сяргееўна дастала каробку з ніткамі і распачатай вышыўкай, — Адкрыю вось, пагляджу, у руках патрымаю і назад пакладу.
Відаць, народнае выслоўе “У няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі” не пра яе. Яна ўсё карпіць і завіхаецца…
Хлеб надзённы
Раз на тыдзень яе падворак насычаецца пахам свежаспечанага хлеба.
На стале ў Сяргееўны заўсёды ляжыць хлеб, накрыты даматканым ручніком, ён сустракае і вітае гасцей, як сімвал дабрабыту і гасціннасці. Так было раней, так засталося…
— Хлеб навучыцца пячы — няхітрая справа. Толькі захацець трэба, — разважае жанчына. — Я як узялася, дык зараз цягне ды цягне да дзяжы. Калі гаспадар мой быў жывы, дык мы і муку сваю рабілі. Самі пшаніцу сеялі, самі жалі, малолі ды пяклі. Млын і жорны былі, усё сваё. Зараз купляю муку другога сорту. Ды колькі мне адной таго хлеба трэба? Чатыры булкі на тыдзень спячы — гэта ж небагата.

Алена РЫБАКОВА гасцінна частавала мяне свойскім хлебам
Хлеб Сяргееўна пячэ даўно, болей за трыццаць год. Раней і на лапаце пякла, і на патэльнях. А як формы з’явіліся — пачала імі карыстацца. Ды простаму і надзейнаму рэцэпту, матчынай тэхналогіі дасюль не здрадзіла:
— Увечары цеста рашчыняю. Цёпленькай вады ў дзежку налью, дражджэй ды мукі дабаўлю, усё роўна як цеста на бліны замешваю. Так яно пераначуе. На наступны дзень яшчэ зацемна ўстану, пасалю цеста, мукі дабаўлю і пастаўлю, каб падыходзіла. Тым часам печ затаплю, дровы бяру таўсцейшыя, што даўжэй гараць. Пакладу цеста ў формы, яно яшчэ крыху падыдзе. Жар выграбу, а тады ў печ пасаджу. Гадзіну і дваццаць хвілін пастаіць — і вымаю. К абеду свежы хлеб гатовы!
— Раней, чула, калі хлеб у печ садзілі, не дазвалялі малым дзецям шумець ці гучна размаўляць, без патрэбы хадзіць па хаце, вастрыць нажы. А яшчэ павер’е было, што як толькі печ закрыюць засланкаю, дык нікога нельга пускаць у хату, бо хлеб асядзе ці патрэскаецца. А ў вас ёсць свае прыкметы?
— Нічому не веру! Хлеб паставіла і пайшла, магу і дзверы насцеж адчыніць. Дзякуй Богу, заўсёды ўдаецца. Праўда, бывае, падгарыць, а ўсё адно смачны!
Раней Сяргееўна пякла і бульбяны хлеб. Вараную бульбу, тоўчаную або перацёртую на тарцы, дабаўляла ў гатовае цеста. Смачныя былі булкі, але хутка чарсцвелі. Пірагі, белы хлеб жанчына пячэ галоўным чынам да вялікіх святаў, такіх, як Вялікдзень.
Для хлеба і дзежачка спецыяльная ёсць, зробленая з дубовых клёпак, ёй ужо больш за дваццаць год. Стаіць яна ў сенцах, і на іншыя гаспадарчыя патрэбы Сяргееўна яе не ўжывае. Гэты посуд нельга пазычаць і пераносіць у іншую хату, бо ён, як і чалавек, можа пакрыўдзіцца.
— А ў дзяцінстве вашым які хлеб быў?
— Папытайся лепей, дзіцятка, ці елі мы яго. За бульбу ў мундзірах і то па руках давалі! Хлеб быў, але ж яго не хапала пасля вайны. У краме чаргу займалі ў чатыры гадзіны раніцы. З дзвюма сястрычкамі некалькі разоў станавіліся, бо на рукі давалі пэўную колькасць булак. А сусед нас траіх за каўнер з чаргі выцягваў. Добра, што прадаўшчыца была міласцівая, шкадавала нас, малых, якую булку пад прылавак схавае і пасля ўжо нам аддасць.
Відаць, яшчэ з тых часоў засталася ў старэйшага пакалення павага да хлеба, якую мы ўжо згубілі. Без усялякіх згрызотаў сумлення выкідваем цвілы, счарсцвелы хлеб, крошкі са стала ў сметніцу. Абы-як ломім свежыя боханы, бо ведаем, што ў магазіне хлеба да дзесяці найменняў, на любы густ…
Таццяна РУСАКОВІЧ.
Фота аўтара.


Март 23, 2010 в 12:22
прочла с огромным интересом! написано мастерски, почти почувствовала запах этого хлеба. хотелось бы побольше таких материалов об интересных людях, это делает газету увлекательной. молодцы!
Март 31, 2010 в 13:37
Малайчына, Танюшка, ахвотна чытаю твае матэрыялы. Трымайся — зайздроснікі ёсць усюды. Няхай яны паспрабуюць так напісаць. Плёну табе, дарагая!