Общественно-политическая газета Минской области

Рубрики

Поиск

 

Красенцы-сухаценцы
Читайте также:

tkatztvam.jpgСёння не кожная гаспадыня можа справіцца са швейнай машынкай, не гаворачы ўжо пра ткацкі станок. Шчыра кажучы, многія яго ў вочы не бачылі. Раней жа ткаць умелі ўсе. Самых выдатных майстрых ведалі далёка за межамі іх роднай вёскі і запрашалі ў самы адказны момант — калі заладжвалі кросны. Аляк­сандра Праташчык памятае той час, калі ў яе роднай вёсцы Старыя Дарогі амаль у кожнай хаце быў свой ткацкі станок…

— Пры мне сукно для адзення ўжо не ткалі, больш ручнікі, посцілкі. На пасаг ці так, пад што хто прыспасобіць. Дома цэлы куфар гэтага дабра. А ўменне гэта я ад старэйшых сясцёр пераняла, калі малой была. Яны ткалі, і я, на іх гледзячы, таксама хутка прылаўчылася. Ды толькі малых не дужа дапускалі да станка, адказная лічылася справа. Самастойна ткаць пачала, калі сваіх дзяцей нарадзіла. — Аляксандра Аляксееўна і дасюль захавала матчыны кросны.

Акрамя яе станка ў Старых Дарогах маецца яшчэ адзін, у хаце-майстэрні Дома культуры. Яго па ўсёй вёсцы збіралі.

— Для нашай мясцовасці была характэрная своеасаб­лівая канструкцыя станка, нават у суседніх вёсках яна была розная. Таму мы хацелі аднавіць менавіта наш станок, старадарожскі. Лазілі па гарышчах, літаральна па частках збіралі, што ў каго захавалася. Ён вельмі просты, але ж наш, — гаворыць дырэктар Дома культуры Валянціна Спадар.

Разам са станком у майстэрні «прапісалася» і Аляксандра Аляксееўна. Ужо каля пятнаццаці год яна тут дзетак вучыць амаль забытаму рамяству.

У яе майстэрні ўсё як у звычайнай сялянскай хаце пачатку мінулага стагоддзя. Тут нават печ ёсць. І ўсюды вісяць даматканыя посцілкі, ручнікі.

— Гэта наша крэўная, свая работа. Я ж стараюся, ужо колькі год сяджу ў гэтых кроснах са сваімі дзяўчатамі. — Аляксандра Аляксееўна ківае ў бок іншых супрацоўніц Дома культуры. — Прывыкла неяк, уцяглася. Можа, і кідаць трэба, ужо сілы не тыя, але ж вось боўтаюся побач з маладымі.

У куце, ля ложка, стаіць куфар, поўны выніку яе работы, насілу зачыняецца.

— Я сабе нават спадніцу саткала. — Ткачыха дастала яркі дабротны выраб. — Дзе куды паедзем, то трэба ж хораша выглядаць. А калі мая сяброўка жывая была, дык мы з ёй частушкі спявалі на ўсіх нашых мясцовых канцэртах. Я ў калгасе працавала, то, ведаеце, прыдумаем якія колкія гумарэскі на брыгадзіра ці старшыню сельсавета і выступаем з імі.

tkatztvab.jpg
Аляксандра ПРАТАШЧЫК, захавальніца традыцый ткацтва.

Аляксандра Аляксееўна села за кросны і прынялася за работу, спяшалася закончыць распачаты ручнік.

— Чоўнікам ткаць нескладана. Ведай, на якія панажы станавіцца, ды і ўсё. Бачыш, нагамі трэба на педалі націскаць, усё адно як на швейнай машынцы.

Шчыра кажучы, усё выглядала не так проста, як тлумачыла майстрыха. Замест звыклай адной, на ткацкім станку ажно чатыры педалі, правільней сказаць — панажы.

Праз нацягнутыя паміж вялікай і малой навойкамі ніты Аляксандра Аляксееўна ліха пускала чоўнік з катушкай нітак унутры. Ён насамрэч выглядае нібы човен і гэтак жа павольна «плавае». Націскала на адну з педалей, набівала бёрдамі.

— Калі чашачкамі ўкладваць — трэба кожны слупок асобна рабіць. Тыя разы каляровымі ніткамі ткала: зялёнымі, чырвонымі, каб ярчэй было. А гэта — дай, думаю, аднатоннымі паспрабую, — ткачыха адматала гатовую частку ручніка і паказала белых птушачак на белым суцэльным палатне. Ледзь прыкметныя, яны чамусьці здаваліся больш жывымі і натуральнымі, чым рознакаляровыя ўзоры на посцілках. — Гэта ткацкая матэматыка, трэба не прапусціць ні нітачкі.

Накручаныя на вялікую навойку ніткі здаваліся бясконцымі.

— А як вы іх накручваеце, такія доўгія, ды так роўненька? — пытаюся ў Аляксандры Аляксееўны і не магу нават уявіць, як такое магчыма.

— Для гэтага ў хатах была спецыяльныя прылада — насноўніца. Да супрацьлеглых сцен пакоя паралель­на прымацоўвалі брусы з акуратна выпілаванымі жэрдкамі, на іх накручвалі ніты. Такая ж канструкцыя і ў нас тут ёсць. Наснаваць трэба ўмець, не абы ж круціць. Тут не столькі сіла патрэбна, колькі галава. А калі заладжваем кросны, то тры чалавекі патрэбны. Усе дапамагаюць, нават прыбіральшчыца. Ой, красенцы-сухаценцы!

— А чаму сухаценцы?

— Таму што нялёгкая гэта справа, кросны ёсць кросны. — Аляксееўна ўздыхнула і зноў пусціла чоўнік паміж ніткамі.

— Справа, зразумела, складаная, мусіць, і вучыцца ёй няма ахвочых?

— Дочкі мае ўмеюць ткаць, ды толькі не задужа хочуць. Большая ўнучка тчэ, нават у «Матчыных кроснах» удзельнічала. Яна са мной гадавалася, каля мяне і навучылася. А так дзеткі не вельмі ходзяць, цяпер жа ў іх то тэсціраванне, то іспыты. Усё болей рыхтуюцца. Занятыя школьнікі, але ж некаторы раз і прыйдуць, нават хлопцы.
Ды ўжо і нітак гэткіх не дакупішся, дарагія яны. Так і гаруем…

Таццяна РУСАКОВІЧ.
Фота аўтара.

Один комментарий к статье “Красенцы-сухаценцы”

  1. Hanna D сказал:

    cikava, adkul spadarynia autarka znahdzic takih liudzej??? nasamrecz zahapliae:))dziakuj

Написать комментарий

Популярное

Комментарии


Дизайн - VALENCI MASS

© Газета "Мінская праўда" (2008-2010)
Свидетельство о регистрации №1138, 29 января 2010 года.

  Rating All.BY