Общественно-политическая газета Минской области

Рубрики

Поиск

 

Казка белай шкарлупіны, або Забытыя велікодныя пісанкі
31.03.2010 Рубрика: Культура
Читайте также:

eggs2m.jpgУ электрычцы дзядзька прадаваў тэрмаўзоры для велікодных яек. Можна нават адвар шалупіння цыбулі не рыхтаваць. Абгорнеш яйка цэлафанавым “хараством”, на некалькі хвілін у кіпень апусціш — і гатова! Хочаш — героі мультфільма “Ну, пачакай!”, хочаш — гжэльскі роспіс, ці наогул выявы гарадоў. Хутка, проста і прыгожа, ды толькі праўды і сэнсу мала. Трэба добра пастарацца, каб яйка стала не столькі прыгожым, колькі па-сапраўднаму святочным…

Зрабіць традыцыйную крашанку (аднатонна афарбаванае яйка) дастаткова проста, і многія гаспадыні прытрымліваюцца менавіта гэтага спосабу афарбоўкі. Ёсць і яшчэ адзін традыцыйны для ўсіх славянскіх народаў спосаб, сёння, на жаль, забыты — васкаванне. Між іншым, асвоіць яго могуць і дарослыя, і дзеці.

Музей беларускага народнага мастацтва ў вёсцы Раўбічы Мінскага раёна напярэдадні Вялікадня ўжо не першы год праводзіць майстар-клас па роспісу велікодных пісанак гарачым воскам. Напярэдадні свята, прыхапіўшы з сабой дзесятак звычайных куплёных курыных яек, карэспандэнт “МП” вырашыла асвоіць гэтае мастацтва, якое зарадзілася яшчэ ў дахрысціянскіх часах.

Пра форму і змест

Галаву адурманіў пах мёду. Аказалася, у невялікім гліняным збаночку грэўся на электрычнай пліце пчаліны воск. На стале стаяў цэлы латок пісанак. Некаторым было больш за 30 год! Таццяна Андрыевіч, навуковы супрацоўнік музея, вядучая заняткаў, патлумачыла, што раней пісанка суправаджала чалавека ўсё жыццё. Яе клалі ў калыску, дарылі на вяселле з пажаданнямі шчасця і дабрабыту, ёю паміналі продкаў. Больш таго, пісанка ўдзельнічала амаль ва ўсіх абрадах калаўроту. Такая пісанка лічылася абярэгам. Яе ставілі за абраз, ці проста на паліцы, закопвалі на пашы. Лічылася, што яна засцерагала ад напасцяў і хвароб, стыхійных бедстваў, аберагала ад сурокаў. Прадаваць пісанку лічылася грахом, яе дарылі, прычым не толькі на Вялікдзень.

Вядома, вараная пісанка-яйка стухлее, таму яйка распісвалі сырым, з цягам часу яно зусім высыхала, рабілася лёгкім. Мы таксама распісвалі сырыя яйкі.

Пісанкі дырэктара музея Валянціны Пісарэнка, якая займаецца гэтым мастацтвам больш за 20 год, уражваюць дакладнасцю геаметрычных форм. Падзеленыя на мноства трыкутнікаў, кружочкаў, квадратаў яйкі распісаны мінімум трыма колерамі.

— І мы такое намалюем? — запытаў маленькі Коля, якога прывезла бабуля.

— У любым выпадку — паспрабуем. Тут галоўнае — руку набіць. З кожным разам звычайна атрымліваецца ўсё лепш і лепш. — Таццяна Яўгенаўна пачала старанна выбіраць з прынесеных мною яек два. — Не ўсе яйкі прыдатныя для роспісу. Лепш за ўсё падыдуць яйкі тэрмінам 15 дзён ад белых хатніх курэй, яны мацнейшыя. Глядзіце, каб не было ніякіх сколаў, плямак, каб яйка было тупым з абодвух бакоў. Каб абястлусціць шкарлупінку, яе трэба працерці дзевяціпрацэнтным воцатам, тады фарба лепш возьмецца.

eggs2b1.jpg

У паўлітровых слоіках стаялі падрыхтаваныя фарбавальнікі розных колераў.

— Некалі адвары рыхтавалі за тыдзень да свята. Вядома, выкарыстоўвалі толькі натуральныя фарбы, яны бясшкодныя і не пранікаюць праз шкарлупіну. Розныя адценні чырвонага дае адвар цыбульніку, чорна-карычневы колер атрымлівалі з настою альховай кары і ржавага жалеза, якое збіралі ў кузнях. Цяпер жа мы выкарыстоўваем харчовыя фарбавальнікі, яны даюць больш насычаныя колеры і эканомяць час. — Таццяна Яўгенаўна дадала, што набыць іх можна амаль у любой краме.

Дапытлівы Коля тым часам ужо разглядваў палачкі з рознымі наканечнікамі:

— А гэта што такое?

— Нашы продкі распісвалі яйкі спецыяльнымі інструментамі: пісаком, бляшанай леечкай на палачцы-дзяржальні, ці шпількай, палачкай з убітым у яе канец маленькім цвічком. Дарэчы, іх можна зрабіць самому. Нашы, напрыклад, зроблены з лазы і палачак для сушы, на якіх замацаваны дзюбкі ад звычайных стрыжняў ці маленькія цвічкі, шпількі для валасоў, — патлумачыла настаўніца.

— Увогуле малявалі як рука падкажа. Аднак самымі распаўсюджанымі былі выявы сонца і птушак, як сімвалы першаасновы і душы. Кожны элемент мае сваё значэнне. Выбірайце на свой густ. — Таццяна Яўгенаўна выклала цэлы стос арнаментаў са стылізаванымі выявамі раслін і жывёлін — вішні і каліны, каня і рыбы. Доўга не думаючы, мы пачалі, хацелася хутчэй паспрабаваць.

Пакуль размаўлялі, воск амаль выпарыўся, давялося чакаць новай партыі. Наша настаўніца тым часам расказала, што набыць сапраўдны пчаліны воск сёння праблема. Яго прадаюць толькі ў спецыялізаваных крамах для пчаляроў, хаця для роспісу падыдзе і растопленая царкоўная свечка.

Пра кропачкі і кропелькі

Мы таксама распісвалі сырыя яйкі. Трымаючы яйка ў левай руцэ і прытрымліваючы мезенцам правай, неабходна яго паварочваць, пісак жа трымаюць вялікі і ўказальны пальцы правай рукі. Ён застаецца нерухомым, тады прасцей намаляваць роўныя лініі. Прычым тут нельга марудзіць — воск хутка застывае.

Здавён на Беларусі быў адметны стыль дэкаравання яек. Таццяна Яўгенаўна дэманстравала, а мы паслухмяна паўтаралі кожны яе рух:

— Цвічком на паверхні яйка ставіцца кропачка або выцягнутая кропелька. Камбінаванне гэтых двух немудрагелістых матываў дае безліч варыянтаў дэкору: ланцужкі, лісточкі, кветкі, нават стылізаваныя фігуркі чалавека. Найбольш пашыраны і любімы ўзор — круг-разетка, які часта сустракаецца і ў іншых відах народнага мастацтва. На Украіне ж, напрыклад, майстрыхі аддавалі перавагу геаметрычным і стылізаваным раслінным формам.
Для параўнання мы зрабілі па два яйкі: адно — на манер беларускага, другое — на ўкраінскі лад.

Калі ўзоры падсохлі, яйкі апусцілі ў падагрэты фарбавальнік на некалькі хвілін. Нельга забываць, што натуральны патрабуе вытрымкі ў некалькі дзён.

Калі фарба ўзялася і высахла, нанесены воскам узор лёгка сышоў — над свечкай ён проста растаў. Аднак на каляровым фоне атрымаўся выразны белы малюнак. Няхай сабе не вельмі дасканалы, затое свой. Малы Коля трымаўся малайцом. Напрыканцы доўга разглядваў вымучанага пеўніка і дзівіўся, як ён атрымаўся, а пасля падарыў яго бабулі ў знак падзякі:

— Трымай, бабулечка, абярэг! Не хварэй і вазі мяне ўсюды з сабой! А давай нашу маму дома навучым гэтак жа маляваць…

Таццяна РУСАКОВІЧ.
P.S. Ізноў успомніла дзядзьку з электрычкі. Над двума яйкамі давялося пасядзець тры гадзіны, замест гарантаваных тэрмаўзорам некалькіх хвілін. Ды хіба ж малы Коля змог бы так радавацца кароткачасоваму цуду, хіба стала б яно святам?
Фота аўтара.

Комментариев: 3 к статье “Казка белай шкарлупіны, або Забытыя велікодныя пісанкі”

  1. Hanna D сказал:

    P.S velmi dareczy:)) fajny materyjal… fajny styl pisannia;)

  2. Волжанин сказал:

    С удовольствием прочитал материал. Всполним свою Родину, родные места на Любанщине и родную мне мову. Вялики дзякуй за матэрыял!

  3. ВІТАЛЬ сказал:

    ДЗЯКУЙ ЗА МАТЭРЫЯЛ. Прачытаў з ахвотай і цікавасцю. Пішыце яшчэ!

Написать комментарий

Популярное

Комментарии


Дизайн - VALENCI MASS

© Газета "Мінская праўда" (2008-2010)
Свидетельство о регистрации №1138, 29 января 2010 года.

  Rating All.BY