У аўторак вечарам прайшла абласная селектарная нарада, на якой разглядаўся шэраг надзённых пытанняў. Сярод іх — ход веснавой сяўбы і навядзенне парадку на зямлі.
Як заўважыў старшыня Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец, насцярожвае сітуацыя, што складваецца падчас арганізацыі комплексу палявых работ. Усе раёны павінны разгарнуцца на поўную моц, прычым зрабіць гэта неабходна аператыўна. Трэба дакладна адпрацаваць усе тэхналагічныя аперацыі, каб забяспечыць належны вынік і якасць. “Тэмпературны рэжым павышаецца, адбываецца хуткае падсыханне глебы, — адзначыў Леанід Крупец. — Адпаведна, тэрміны правядзення работ будуць больш сціслыя”.
Гаспадаркам неабходна арганізаваць сваю работу такім чынам, каб з максімальным эфектам працаваць увесь светлавы дзень. Як паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама Іван Шматко, навукоўцы праводзяць дадатковы аналіз стану азімых. Увогуле сітуацыя ў межах нормы, аднак у асобных раёнах ёсць пэўныя праблемы. Вызначаны дакладныя тэрміны па правядзенню сяўбы сельгаскультур, якія на месцах павінны вытрымлівацца.
“Хлеб усім дарагі, таму трэба да выканання стратэгічнай задачы ставіцца з усёй адказнасцю”, — падкрэсліў Леанід Крупец. Прычым гэта датычыцца не толькі ўласна збожжавых. А і ўсіх іншых культур. Неабходна забяспечыць дакладную спецыялізацыю гаспадарак па бульбе, агародніне, лёну і г.д. Гэта робіцца з тым, каб у адпаведных сельгаспрадпрыемствах сканцэнтраваць усе належныя рэсурсы і атрымліваць добры вынік. Прынамсі, такі падыход — сусветная практыка, дык чаму б не ўвасобіць яго на Міншчыне?
Старшыня аблвыканкама крытычна ацаніў гатоўнасць тэхнікі: “Па шэрагу пазіцый на месцах спрацавалі дрэнна”. Неабходна больш увагі ўдзяляць укараненню перадавых тэхналогій апрацоўкі глебы. Маюць месца пэўныя хібы і з належным забеспячэннем насеннем. Павінна больш актыўна і адказна ўвасабляцца праграма развіцця пладаводства. У шэрагу раёнаў не выканана заданне па раскарчоўванню старых садоў.
Усе тыя значныя сродкі, якія ўкладзены ў развіццё жывёлагадоўлі, павінны прыносіць належны вынік. Менавіта за кошт інтэнсіфікацыі гэтай галіны закладваецца фінансавы падмурак дабрабыту рэгіёнаў. Таму відавочна, што адпаведнае пытанне адносіцца да разраду стратэгічных. На жаль, як падкрэсліў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Казакевіч, у асобных рэгіёнах адзначаецца не тое што рост, а нават зніжэнне вытворчых паказчыкаў.
Прычын тут можна назваць шмат, аднак, напэўна, актуальным застаецца навядзенне элементарнага парадку. Як на вытворчасці, так і ўвогуле на зямлі. “Парадак — перш за ўсё, — заўважыў Леанід Крупец. — Зямля на Міншчыне багатая, тут можна дасягаць значных поспехаў. Галоўнае ж, каб быў сапраўды гаспадарскі падыход. У добрага гаспадара заўжды ва ўсім парадак. Неабходна менавіта такім чынам ставіцца да арганізацыі справы”. Старшыня аблвыканкама запатрабаваў у належныя тэрміны прывесці пасля зімы ў парадак усе адпаведныя тэрыторыі. Паколькі відавочна, што якаснае добраўпарадкаванне — гэта жыццёвая неабходнасць.
(Ул. інф.).


Апрель 9, 2010 в 07:31
Замечательно, ценная информация…
Сярод іх — ход веснавой сяўбы і навядзенне парадку на зямлі…..