Выставу з такой назвай ладзіць Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Галоўныя героі экспазіцыі —аўтарскія лялькі, кожная з якіх існуе толькі ў адзіным экземпляры і мае імя аднаго з герояў Коласавых твораў.
У эпоху развіцця хімічнай прамысловасці лялек у крамах значна пабольшала, іх вытворчасць паставілі на паток і зрабілі крыніцай даходу. Адна толькі Барбі са сваім кланам (ці клонам?) прынесла яе стваральніцы Рут Хандлер не адзін мільярд долараў, «барбіманіяй» захварэла 25 краін свету.
Існуюць нават цэлыя лялечныя народы, як, напрыклад, «дзеткі з капуснай градкі» (Cabbage Patch Kids). Многія сучасныя лялькі, разам з іншымі цацкамі, сталі электроннымі прыстасаваннямі. Ды хіба можна параўноўваць фабрычную ляльку са зробленай уласнымі рукамі? Таленавіты лялечнік ажыўляе свае работы, надае ляльцы індывідуальнасць. Менавіта такія, жывыя, лялькі на месяц «прапісаліся» ў мемарыяльнай экспазіцыі музея, сярод інтэр’ераў у доме дзядзькі Якуба. Гэта надае экспазіцыі незвычайную атмасферу. Жанчыны сядзяць на канапе за сталом і нагадваюць наведвальнікам, што вось яно, дзяцінства, толькі руку працягні…
Паводле слоў куратара выставы старшага навуковага супрацоўніка музея Аляксея Лёсіна, выстава унікальная прысутнасцю як традыцыйных народных, так і сучасных аўтарскіх работ. У адной экспазіцыі пераплятаюцца розныя стылі і погляды на першага сябра дзіцяці — ляльку.
Маладая майстрыха Ірына Ставер са «Святочнага агенцтва Ларысы Грыбалёвай» прадставіла сучасных, гламурных лялек-анёлаў. Апранутыя ў ружовыя сукенкі, джынсы, камбінезоны, яны нагадваюць звычайных няўрымслівых дзяцей. Нездарма ж і філосафы, і мастакі дасюль спрачаюцца, хто да каго падобны: лялька да чалавека ці чалавек да лялькі.
Зямлячка Коласа — Святлана Калкоўская, кіраўнік народнай мастацкай студыі «Раніца« Шашкоўскай школы мастацтваў Стаўбцоўскага раёна, прадставіла драўляных лялек у беларускіх народных строях. Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Святлана Шор робіць лялькі ўжо даўно, для яе яны не цацкі, а людзі, бо ў кожную сваю работу яна ўкладвае душу. Яе гаспадыні, здаецца, яшчэ хвіліну — і загавораць з табой.

Паўдзельнічала ў выставе і праўнучка Якуба Коласа — Анжэла Міцкевіч, выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Спецыяльна для экспазіцыі яна зваліла з воўны лялек па матывах паэмы «Новая зямля», Савося-распусніка — галоўнага героя аднайменнай дзіцячай паэмы. На выставе прадстаўлены і некаторыя работы яе студэнтаў: ад фальклорных вобразаў да сучасных «фэнтэзійных».
Сапраўдным упрыгожваннем выставы стаў святочны велікодны стол з сялянскімі прысмакамі, за якім сядзяць роставыя лялькі, прадстаўленыя канцэрнам «Беларускія мастацкія промыслы».
Выставу такога кшталту музей ладзіць упершыню. Магчыма, яна дасць пачатак новай традыцыі, і «чароўныя госці» яшчэ не адзін раз завітаюць у гасцінны дом дзядзькі Якуба, на радасць усім наведвальнікам.
Таццяна РУСАКОВІЧ.


Апрель 12, 2010 в 06:42
Спасибо за статью, всегда рад почитать вас!