Общественно-политическая газета Минской области

Рубрики

Поиск

 

Свята герояў жніўнай працы
Читайте также:

dajinki-2008m.jpgМiншчына адзначыла лепшых рупліўцаў жніва-2008
У мінулую суботу па-святочнаму ўпрыгожаную Мар’іну Горку, з самай ранiцы шчодра абмываў зрэшты, як і іншыя рэгіёны вобласці, спорны дождж. І гэта не надавала настрою ні самім мар’інагорцам, ні іх шматлікім гасцям — удзельнікам абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2008”. Аднак бліжэй да афіцыйнага пачатку свята нябесная канцылярыя злітасцівілася і ўзнагародзіла прыехаўшых у Мар’іну Горку хлебаробаў Міншчыны за іх руплівую працу — няхай сабе і халодным, але затое недажджлівым надвор’ем.

І такі падарунак прыроды быў вельмі дарэчы. Свята дажынак адразу ж расквітнела ва ўсёй сваёй красе і велічнасці і напоўнілася выключна добрым настроем.

dajinki-2008b.jpg

Адкрываючы ўрачыстасць, старшыня аблвыканкома Л.Ф.Крупец адзначыў, што сваё свята і нават прыхільнасць прыроды хлебаробы Міншчыны сёлета заслужылі асабліва. Упершыню за ўсю гісторыю ў сталічнай вобласці быў сабраны ўраджай збожжавых культур больш як 2,3 мільёна тон пры сярэдняй ураджайнасці 38,6 цэнтнера на кожным гектары. Гэта  складае 120 працэнтаў адносна ўзроўню мінулага года і 104% да ўзроўню 1987 года — найвышэйшага паказчыка валавога збору збожжа за ўсе папярэднія гады дзейнасці сельскагаспадарчага комплексу Міншчыны. Сёлетні ж здабытак — найбольшы сярод абласцей краіны — плён старання і руплівасці спецыялістаў і працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Міншчыны, а лепшыя з лепшых і былі запрошаны на хлебаробскае свята Міншчыны ў Мар’іну Горку.

Л.Ф.Крупец выказаў словы шчырай падзякі ўсім хлебаробам вобласці, кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак, раённых і абласных службаў і ведамстваў і выказаў упэўненасць, што іх працавітасць і  пачуццё высокай адказнасці  за даручаную справу будуць і надалей садзейнічаць высокім вытворчым вынікам як на збожжавых палетках, так і ў іншых галінах аграпрамысловага комплексу Міншчыны.

dajinki-2008b2.jpg

З высокім ураджаем сардэчна павіншавалі хлебаробаў Міншчыны і таксама выказалі спадзяванне на іх новыя працоўныя перамогі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь І.М.Бамбіза і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці М.М.Іванчанка. Намеснікі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання В.К.Паўлоўскі і В.А.Седзін у сваіх выступленнях адзначылі вялікі ўклад Міншчыны ў агульнарэспубліканскі каравай (а гэта чацвёртая частка ад збожжавага здабытку шасці абласцей) і шчыра падзякавалі хлебаробам за іх руплівую працу.

dajinki-2008b3.jpg

З вялікай працоўнай перамогай павіншаваў працаўнікоў аграпрамысловага комплексу і намеснік кіраўніка ўрада Маскоўскай вобласці В.В.Громаў, які быў запрошаны на свята ў ліку яго ганаровых гасцей. Паводле яго слоў, хлебаробы расійскага прысталічнага рэгіёна на такі поспех пакуль нават не могуць і разлічваць — валавы збор збожжавых культур у іх сёлета склаў крыху больш за 400 тысяч тон, таму вопыт калег з Міншчыны імі заўсёды будзе запатрабаваны.

У агульным збожжавым поспеху Міншчыны ёсць і канкрэтныя героі. Усе яны былі адзначаны на “Дажынках” ганаровымі граматамі аблвыканкома, падзякамі старшыні абласнога выканаўчага камітэта і грашовымі прэміямі.

dajinki-2008b4.jpg

Лепшых вынікаў на ўборцы збожжавых дасягнулі сёлета хлебаробы Нясвіжскага раёна, якія забяспечылі самую высокую аддачу з аднаго бала-гектара збожжавай нівы. За гэты працоўны поспех Нясвіжскі раён быў узнагароджаны пераходным  Ганаровым сцягам Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Пераможцамі абласнога спаборніцтва былі прызнаны Валожынскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Любанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Стаўбцоўскі і Чэрвеньскі раёны, якія забяспечылі выкананне задання па вытворчасці збожжа, перавысілі ўзровень па валавому збору папярэдняга года і выканалі планы продажу збожжа дзяржаве. Кожны з рэгіёнаў быў прэміраваны грашовай прэміяй у суме 10 мільёнаў рублёў і ўзнагароджаны Ганаровым дыпломам аблвыканкома. Свае ўзнагароды атрымалі і раёны, якія дасягнулі 100-тысячнага валавога збору збожжа, — трактарамі маркі “МТЗ” былі ўзнагароджаны Слуцкі, Мінскі, Капыльскі, Нясвіжскі, Салігорскі, Валожынскі, Клецкі, Дзяржынскі, Смалявіцкі, Стаўбцоўскі і Пухавіцкі раёны.

Зразумела, што ўзнагародамі абласнога выканаўчага камітэта за рупнасць былі адзначаны і непасрэдныя ўдзельнікі жніва — лепшыя камбайнавыя экіпажы, вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа, аператары сушыльных комплексаў з кожнага рэгіёна.

Былі вызначаны і ўладальнікі новай ганаровай намінацыі ў сельскагаспадарчым комплексе Міншчыны — “Лепшымі аграномамі 2008 года” сталі галоўны аграном СВК “Агракамбінат “Сноў” Нясвіжскага раёна У.С.Бабёр і кіраўнік агранамічнай службы эксперыментальнай базы “Анопаль” Мінскага раёна Т.В.Валадзько.

Стаўшым ужо традыцыйным на Міншчыне “Прызам імя камбайнера Юрыя Гельмана”, які ўручаецца за шматгадовую працу на ўборцы збожжавых і дасягнутыя пры гэтым высокія вытворчыя вынікі, быў узнагароджаны камбайнер СВК “Лоск” Валожынскага раёна М.У. Шаўлюк, для якога сёлетняе жніво было пяцідзесятым па ліку.

dajinki-2008b5.jpg

Завяршылася ж свята дажынак цудоўным канцэртам “Песняй славім свята жнiўнай працы”, які падрыхтавалі перадавікам жніва-2008 лепшыя мастацкія калектывы вобласці.

Свята віравала не толькі на цэнтральнай плошчы Мар’інай Горкі. На вуліцах Савецкай, Кастрычніцкай, Ленінскай і Чырвонаармейскай разгарнуліся выставы-продажы тавараў спажывецкай кааперацыі, прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці, народнай творчасці “Горад майстроў”, а таксама выставы навейшых узораў сельскагаспадарчай тэхнікі і дасягненняў сельскай гаспадаркі. Адразу на некалькіх пляцоўках выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці, прыўзняты настрой стваралі роставыя куклы, волат на хадулях.

dajinki-2008b11.jpg

Асобнае месца на Цэнтральнай плошчы заняла выстава караваяў “Хлеб — усяму галава”. Кожны раён прадставіў сапраўдны шэдэўр кулінарнага мастацтва: караваі вялікія, высокія, упрыгожаныя каласамі і кветкамі — духмяны вянец рупнай працы хлебаробскай, прыгажэй і даражэй за які няма нічога на свеце.

dajinki-2008b7.jpg

Наведванне выстаў дасягненняў сельскай гаспадаркі дазваляе заглянуць у заўтра. Напрыклад, РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі” прадставіў каля 15 сваіх новых распрацовак, якія выклікалі жывую цікавасць у механізатараў, спецыялістаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Многія дэталёва цікавіліся ў прадстаўнікоў цэнтра тэхнічнымі характарыстыкамі, камфортнасцю карыстання і коштам прадстаўленых узораў апырсквальнікаў, саджалак, машын для ўнясення ўгнаенняў і г.д. Вабіла тэхніка і хлапчукоў, адзіным жаданнем якіх было забрацца на мосцік новенькай машыны, каб пакуль хаця б сфатаграфавацца.

dajinki-2008b9.jpg

Не менш прыцягальнымі для ўдзельнікаў і гасцей свята былі стэнды РУП “НПЦ НАНБ па бульбаводству і агароднінаводству” і Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі НАНБ. Узоры новых прадуктыўных сартоў беларускай селекцыі збожжавых, бульбы, капусты, бабовых, паслёнавых, гарбузовых і іншых культур і гатоўнасць прадстаўнікоў гэтых арганізацый падрабязна расказаць аб вартасцях і перавагах кожнага з іх, а таксама аб кошце і магчымасці іх набыць, былі запатрабаванымі на працягу ўсяго дня. І не толькі аграному або садаводу-аматару, а літаральна кожнаму нельга было раўнадушна прайсці міма прадстаўленых узораў новых сартоў яблыкаў, груш і сліў.

Яскравае ўяўленне аб перспектывах жывёлагадоўчай галіны давала наведванне выставы, на якой былі прадстаўлены высокапрадуктыўная жывёла і птушка лепшых племпрадпрыемстваў вобласці: РУСП “Мінскае племпрадпрыемства”, РУСП “Племзавод “Чырвоная Зорка”, СВК “Агракамбінат “Сноў”, “Пяршаі- 2003” і г.д.

Да галоўнага заатэхніка-селекцыянера РУСП “Племзавод “Чырвоная Зорка” Мікалая Горбача падышла пажылая жанчына, якая выказала сумненне, што прадстаўленая на выставе карова-рэкардсменка па мянушцы Дасужая можа быць малочнай, бо, маўляў, у яе няма… рагоў.  І ўсё ж гэта ўстаноўлены факт: максімальны сутачны удой ад гэтай прадстаўніцы беларускай чорна-пярэстай пароды класа “эліта-рэкорд” — 48 кілаграмаў, яе прадуктыўнасць у другой лактацыі склала 8.850 кілаграмаў, тлустасць малака — 4,41%, утрыманне бялку — 3,43%. Паводле прагнозу спецыялістаў, у трэцяй лактацыі яе прадуктыўнасць чакаецца на ўзроўні 10.350 кілаграмаў малака.

dajinki-2008b6.jpg

Мікалай Андрэевіч ахвотна расказвае, што ў іх гаспадарцы налічваецца 531 карова з надоем звыш 8 тысяч кілаграмаў малака і 134 каровы — звыш 10 тысяч кілаграмаў малака.

Кожная жывёліна з прадстаўленых на выставе выклікае жывую цікавасць у наведвальнікаў: адны — з прафесійным інтарэсам, другія — з пазнавальнага пункту гледжання. Напрыклад, не кожнаму ўдаецца ўбачыць жывога чорнага афрыканскага страуса. Такую магчымасць удзельнікам фестывалю прадаставіў уладальнік фермерскай гаспадаркі Уладзімір Гуркін са Случчыны. На яго ферме жыве ўжо 47 дарослых птушак і больш за 40 малых страусянят. На выставу прывезлі 5 страусаў у трохмесячным узросце. Работніца фермерскай гаспадаркі Алена Цыбульская ахвотна расказвае пра сваіх гадаванцаў, іх звычкі, а яшчэ пра тое, што на іх ферме жывуць таксама куры некалькіх відаў, козы, дзікі кабан і маленькі кітайскі парсючок.

dajinki-2008b10.jpg

Прагаладаліся, пара падсілкавацца — тады самы час падацца ў гандлёвыя павільёны, разгорнутыя на вуліцах горада: на Савецкай — перапрацоўшчыкі і вытворцы, на Чырвонаармейскай — спажывецкія таварыствы, а на Кастрычніцкай ля універмага — прамысловых тавараў.

dajinki-2008b8.jpg

Многія з іх гатовы былі пачаць работу з 7 гадзін раніцы.На любы густ і ўзровень запатрабаванняў наведвальнікаў арганізавалі выставы-продаж сваёй прадукцыі прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці вобласці. У кожным гандлёвым павільёне практычна не знікаў паток пакупнікоў, якія атрымалі рэдкую магчымасць набыць прадукты харчавання, што называецца з першых рук. Акрамя таго, многія прапанавалі дэгустацыю сваёй прадукцыі. Напрыклад, мілы добры папугай Гоша ЗТАА “Марозпрадукт” частаваў маражаным усіх, хто расказваў вершык або спяваў песню.

Асаблівай папулярнасцю карысталіся далікатэсы Барысаўскага і Слуцкага мясакамбінатаў. Стаялі чэргі за мясной і малочнай прадукцыяй і ў палатках СВК «Агракамбінат «Сноў», «Пяршаі -2003», Пухавіцкага камбіната хлебапрадуктаў і ўсіх астатніх удзельнікаў, якія стараліся найбольш поўна і дастойна прадставіць на абласным свяце свой асартымент.

І ўсё ж самымі запатрабаванымі былі гарачыя бліны і шашлыкі, піца, чай і кава — халоднае надвор’е таму нямала спрыяла, ды «сухі закон» правядзення свята. Адсутнасць спіртных напіткаў спажывецкая кааперацыя пастаралася кампенсаваць багаццем іншых тавараў і разнастайнасцю іх афармлення. Стараліся ўсе, але, паводле водгукаў удзельнікаў, найбольш прыцягальнымі аказаліся гандлёвыя павільёны Мінскага і Уздзенскага райспажыўтаварыстваў. Амаль кожнае райспажыўтаварыства праводзіла сваю бяспройгрышную латарэю.
Быў свой пакупнік і ля палатак жодзінскага «Світанка», Пухавіцкага і Уздзенскага РКБА.

Гадзінамі можна хадзіць па выставе вырабаў народнай творчасці “Горад майстроў”, дзівячыся іх арыгінальнасці, фантазіі аўтараў і іх залатым рукам. Чаго тут толькі няма: вырабы з дрэва, саломкі, гліны, лазы, лепшыя ўзоры ткацтва, вышыўкі, бісерапляцення, карціны самадзейных мастакоў. А вось цэлая выстава розных керамічных фігурак жывёлін, птушак, дзіўных персанажаў розных памераў і ў розных выявах — усё для садова-паркавага афармлення. Аўтар выставы — мясцовы ўмелец Вячаслаў Часлаўскі. Больш сціпла прадстаўлены вырабы з металу — розных форм падстаўкі для кветак. І хаця ён на рынку ўжо некалькі год, для пухаўчан яго творчасць стала прыемным адкрыццём. Майстар задаволены: цікавасць удзельнікаў фестывалю да яго твораў настолькі вялікая, што колькасць выстаўленых экспанатаў хутка зменшылася ўдвая, а таму набраў яшчэ і шмат заказаў на будучае.

Кожны з удзельнікаў выставы-продажу “Горад майстроў” пастараўся аформіць свой куточак з выдумкай. Так, любанскія ўмельцы не проста арганізавалі багатую выставу ткацкіх вырабаў, а і прывезлі з сабой ткацкія станкі, за якімі ў прыгожых нацыянальных касцюмах, у бялюткіх хустачках засяроджана працавалі юныя ткачыхі народнай майстэрні “Матрушка”, створанай пры Камунараўскім сельскім Доме культуры, паказваючы ўдзельнікам фестывалю, як нараджаюцца ручнікі рамяства бабулінага.

Гэтае вялікае царства дзіўных рэчаў не адпускае: хочацца надзівіцца прыгажосці рукатворнай і штосьці асаблівае, непаўторнае абавязкова прынесці дадому. Ахвотна куплялі людзі эксклюзіўныя вырабы, бойка ішоў гандаль кошыкамі, глінянымі гаршкамі, драўлянымі шкатулкамі.

Выстава работ навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці сведчыць аб багатай палітры захапленняў моладзі. Не адарваць вачэй ад разнастайнасці прыгожых габеленаў навучэнцаў Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа. А педагагічнае аддзяленне Барысаўскага каледжа прадставіла цудоўныя вырабы скураной пластыкі, вышыўку бісерам, стужкай. Ніхто не прайшоў міма дзіўнага і ў прамым сэнсе смачнага дрэва (у якасці яго пладоў — абаранкі, сушкі і інш.) Слуцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа перапрацоўчай прамысловасці, а іх “Карчма” карысталася асаблівай папулярнасцю ва ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, якія не шкадавалі часу, каб дачакацца сваёй чаргі і паласавацца іх прадукцыяй. А ў палатцы побач — выстава работ гурткоў фларыстыкі, “Карвінг”, “Свет з футра”.

Арыгінальна творчасць сваіх навучэнцаў прадставіў Барысаўскі прафесійна-тэхнічны каледж лясной гаспадаркі: царыца лесу з яго насельнікамі ў руках у сваёй стыхіі — мала хто з наведвальнікаў не захацеў сфатаграфавацца побач з ёю. А на памяць можна было набыць цуды фларыстыкі ў выглядзе карцін, дзіўных кветкавых кампазіцый.

Маляўнічымі паштоўкамі, абярэгамі, карцінкамі, вырабамі з бісеру, вышыўкай, сурвэткамі, мяккай цацкай радавалі ўдзельнікаў фестывалю Салігорскі, Слуцкі і іншыя цэнтры дзіцячай творчасці. Радавала разнастайнасцю і выстава “Пухавіцкая вясёлка”, на якую прадставілі лепшыя работы сваіх вучняў установы адукацыі Пухавіцкага раёна.

Словам, ва ўдзельнікаў фестывалю не было ні адной вольнай хвілінкі, бо хацелася ўсюды пабываць і ўсё ўбачыць уласнымі вачыма.

Але вось ужо на Цэнтральнай плошчы пачынаецца парад зводнага духавога аркестра вобласці, затым — парад сельскагаспадарчай тэхнікі, якая ўдзельнічала ва ўборцы ўраджаю 2008 года.

Сяргей ГАЛОЎКА,
Ганна ТРУБЧЫК,
Анатоль БАСАЎ (фота), «МП».

Написать комментарий

Популярное

Комментарии


Дизайн - VALENCI MASS

© Газета "Мінская праўда" (2008)
Свидетельство о регистрации №43, 28 июня 1996 года.

  Rating All.BY